У браму расейскага пасольства ў Менску ўехаў аўтамабіль



 У браму расейскага пасольства ў Менску 26 чэрвеня ўехаў аўтамабіль „Форд”, паведаміла ўпраўленне ДАІ ГУУС Мінгарвыканкама.

35-гадовы кіроўца выбег з машыны і пералез цераз плот на тэрыторыю дыппрадстаўніцтва. Там ён быў затрыманы. Паводле папярэдняй інфармацыі, мужчына знаходзіўся ў стане наркатычнага ап’янення. На месцы ДТЗ працуюць супрацоўнікі аддзела ДАІ Цэнтральнага РУУС, следча-аператыўная і сапёрна-піратэхнічная групы.

23 чэрвеня грузавік-эвакуатар з рэгістрацыяй у Магілёўскай вобласці разбурыў агароджу пасольства Латвіі, размешчанага ў цэнтры беларускай сталіцы, непадалёк ад плошчы Я.Коласа, на вуліцы Дарашэвіча.

„Чакаем, што ўлады ў Менску расследуюць гэты інцыдэнт, арганізуюць бяспеку і ахову пасольства ў поўнай адпаведнасці з міжнародным правам”, — заявіў міністр замежных спраў Латвіі Эдгарс Рынкевічс.

У маі Менск і Рыга ўзаемна выслалі персанал пасольстваў пасля таго, як улады латвійскай сталіцы ў дні правядзення чэмпіянату свету па хакеі замянілі ў цэнтры горада чырвона-зялёны на бел-чырвона-белы сцяг. Беларускія ўлады ўспрынялі гэта як абразу.

belapan.by

Фота ДАІ