У Браславе з’явілася беларуская арт-прастора



Арт-прастору «Кавярня» з беларускамоўным бармэнам і арт-дырэктарам стварыла ў Браславе Юля Цярэнцьева. Былая журналістка пераехала з Менска жыць у вёску Зарачча пад Браславам, зняла будынак на ўскрайку Браслава пад арт-пляцоўку і кавярню і занялася бізнесам. Там яна разам з калегам Галляшом Сялявам не толькі прапануе гасцям смачныя стравы, але і ладзіць для іх забавы, улічваючы розныя густы наведвальнікаў. Таксама арт-прастора супрацоўнічае з мастакамі, рамеснікамі ды іншымі творчымі людзьмі.

Як кажа Юля Цярэнцьева, яны гатовыя да любога цікавага супрацоўніцтва, тым больш што мясцовыя ўлады не перашкаджаюць ім працаваць.

Яны асабліва не перашкаджаюць. Магчыма нават, што яны па-свойму задаволеныя, што на мапе Браслаўскага раёна з’явілася нейкая кропка, якая можа быць цікавай і карыснай для развіцця рэгіёна ў цэлым. На жаль, сёння ў Браславе ёсць шмат праблем. Напрыклад, няма ніякіх турыстычных мапаў. Людзі да нас прыходзяць, бо вісіць тут адзіная турыстычная мапа. Яны глядзяць, куды ім трэба паехаць, пытаюцца ў нас, куды паехаць, што паглядзець можна. Мы падказваем, дзе можна знайсці жыллё. Такім чынам, мы выконваем абавязкі інфармацыйнага цэнтра, якога, на жаль, у Браслаўскім раёне няма.

Юля Цярэнцьева разам з сям’ёй выкупіла і будынак старой школы часоў Пілсудскага ў вёсцы Пеліканы. Там марыла адкрыць Цэнтр сямейнага адпачынку. Ёй збіраўся дапамагчы ў гэтым адзін маскоўскі інвестар. Але папяровая бюракратыя ды іншыя перашкоды з боку абласной улады пакуль не дазваляюць увасобіць у жыццё задуманае. Нават сам інвестар ужо засумняваўся ў тым, што штосьці можа змяніцца да лепшага ў нашай краіне. Таму, напэўна, задума так і застанецца толькі марай.

Поўны гук слухайце ў далучаным файле.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтаркі