У Брузгах правялі дагляд гарадзенскіх актывістаў
Уночы 16-га студзеня аўтамабіль гарадзенскага праваабаронцы Віктара Сазонава прыцягнуў падвышаную ўвагу работнікаў памежных і мытных службаў памежнага перахода “Брузгі”. Віктар Сазонаў яшчэ з двума актывістамі Гародні вяртаўся ў Беларусь з Польшчы.
– Мы паехалі па зялёным канале, бо ў нас нічога не было. Нас прапусцілі. Але пасля перакрылі шлагбаумам шлях, дагналі і вярнулі назад. Прыходзілі розныя людзі і па некалькі разоў правяралі асабістыя рэчы, нават праслухалі ўсе касеты. Асаблівую ўвагу надавалі паперам. Пасля паставілі машыну на штрафстаянку, забралі пашпарты і ключ ад машыны. І толькі праз нейкі час, праверыўшы ўсё і нічога не знайшоўшы, аформілі ўсе паперы і адправілі.
“Ніхто не патлумачыў прычыны такой падвышанай увагі да нас, – кажа Віктар Сазонаў. – Але мяркую, што гэта звязана не толькі з надыходнымі ў гэтым годзе выбарамі, але і ўвогуле з агульным узмацненнем ціску на грамадска-актыўных людзей”.
Гарадзенскіх актывістаў памежныя службы пратрымалі больш за чатыры гадзіны.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Уначы 16-га студзеня, аўтамабіль гарадзенскага праваабаронцы Віктара Сазонава прыцягнуў увагу супрацоўнікаў памежнага пераходу „Брузгі”. Віктар Сазонаў з двума гарадзенскімі актывістамі вяртаўся ў Беларусь з Польшчы. Яго машыну загналі ў ангар на праверку. Па некалькі разоў былі правераны таксама асабістыя рэчы гарадзенцаў. Асаблівая ўвага была нададзена паперам. Іх зацікавіла кніга, мапы, і нават аўдыёкасеты.
Пасля праверкі аўтамабіль быў пастаўлены на штраф-стаянку, а ключы ад яго і пашпарты пасажыраў забралі службоўцы. Пасля тэлефонных кансультацый мытнікі загналі аўтамабіль на рэнтгенаўскі дагляд. Пасля гэтага актывістам далі на подпіс адмыслова складзеныя паперы і дазволілі паехаць дадому.
Беларускае Радыё Рацыя
