У Будславе маліліся за супакой ва Украіне



Сёння ў Будславе святочныя мерапрыемствы ў гонар прастольнага свята Будслаўскага абраза Божай Маці пачаліся галоўным набажэнствам, якое правёў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.

Удзельнік полацкай пілігрымкі ў Будслаў ксёндз Вячаслаў Адамовіч:

– На галоўнай імшы прысутнічаў увесь беларускі епіскапат, прысутнічалі святары і пілігрымы, тыя, якія прыйшлі пешшу, і тыя, якія прыехалі ў Будслаў на аўтобусах і на сваіх машынах з усіх куткоў Беларусі. Як учора сказаў кусташ санктуарыя, што сёння ў Будславе ўся Беларусь. Было вельмі прыемна, што былі пілігрымы з Украіны. Таксама арцыбіскуп Кандрусевіч іх вітаў, запэўніў аб малітве. Таксама і мы шмат разоў падчас пілігрымкі маліліся за супакой для Украіны.

Самая вялікая пілігрымка ў Будслаў прыйшла з Баранавіч. І менавіта яна адолела самы вялікі пешы шлях да Будслаўскага абраза Божай Маці – 293 кіламетры.

* * *

Учора ў Будславе збіраліся ўсе пілігрымкі, якія прыбылі на свята Будслаўскага абраза Божай Маці. Сярод іншых пілігрымак з розных мясцовасцяў Беларусі была і пілігрымка з Полацка, у якой удзельнічаў ксёндз Вячаслаў Адамовіч:

– З Віцебскай дыяцэзіі было семь пешых пілігрымак і некалькі раваровых. Таксама наша пілігрымка з Полацка, якая ішла пяць дзён, выйшла ў панядзелак і ішла амаль што праз усю Віцебскую вобласць і крыху па Менскай вобласці. Было 75 удзельнікаў. І мы гэты шлях пераадолелі.

Будслаўскі абраз Божай Маці – адна з найбольш шанаваных ў каталіцкай царквы і славіцца шматлікімі цудамі. Штогод да яго накіроўваюцца пілігрымы з розных куткоў Беларусі і з-за мяжы. У 2013 годзе Будслаў прыняў больш за 40 тыс. вернікаў з Беларусі і іншых краін.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя

Фота piligrymka.by