У Бярозаўскім раёне падчас уборкі згарэў камбайн



У Бярозаўскім раёне падчас уборкі кукурузы згарэў камбайн.

Як паведаміла БелаПАН афіцыйны прадстаўнік Берасцейскага абласнога ўпраўлення МНС Юлія Калток, кормаўборачны камбайн „КВК-800” загарэўся 12 верасня прыкладна ў 16.13 у полі недалёка ад вёскі Пешкі. Механізатар, які кіраваў ім, спачатку спрабаваў самастойна патушыць узгаранне з дапамогай вогнетушыцеля, затым выклікаў ратавальнікаў. Да моманту іх прыбыцця тэхніка была цалкам ахоплена агнём.

Згарэлы камбайн 2012 года выпуску належаў мясцоваму сельгаспрадпрыемству.

Паводле слоў Калток, аналагічны выпадак адбыўся 11 верасня падчас уборкі кукурузы ў полі каля вёскі Малыя Арлы Столінскага раёна. Агнём знішчаны кормаўборачны камбайн „КВК-800” (2010 года выпуску) мясцовага сельгаспрадпрыемства.

Прычына абодвух пажараў высвятляецца. Пацярпелых няма.