У Бярозаўцы жыхары аднаго з дамоў пакутуюць ад насякомых і грызуноў



Пасля рамонту ў шматкватэрным доме па вуліцы Навагрудская ў Бярозаўцы падвал проста кішыць камарамі, блохамі і грызунамі, якія праз шчыліны ў падлозе трапляюць наўпрост у пад’езд і ў кватэры жыльцоў.

Пасля так званага рамонту працякаюць каналізацыйныя трубы, у падвале стаіць вада і вільгаць, што стварае спрыяльныя ўмовы для размнажэння шкоднікаў. Праз незачыненыя камунальшчыкамі шыбы ў падвал трапляюць бадзяжныя жывёлы. Неаднаразовыя звароты ў жыллёва-камунальную гаспадарку і гарадскі выканаўчы камітэт плёну не даюць.

Кажа жыхарка дома спадарыня Наталля:

– Першы раз звярталіся два месяцы таму. Учора званілі, здзівліся і сказалі, адкуль могуць быць камары ў падвале. Ніхто не рэагуе, ніхто нічым не дапамагае. Блох, сказалі, патруцім, а камары – гэта не да нас. Пасля нашага добрага рамонту ў пад’ездзе поўна мышэй, нават на чацвёртым паверсе. Нам адказалі, што аднаго дому мала, дзеля аднаго дому не паедуць атручваць. Па тэлевізары паказалі, што тут усё прыгожа, знялі толькі новыя трубы, а старыя, іржавыя ніхто паказваць не будзе.

Па словах жыхароў дома, як улады так і камунальшчыкі ніяк не хочуць бачыць існуючых праблем, ігнаруючы звароты грамадзянаў. А на просьбы аб дапамозе чыноўнікі толькі аджартоўваюцца, маўляў, “а дзе ж ім быць, тым камарам, як не ў падвале”. І ніхто не звяртае ўвагі на тое, што ў краіне пачынаецца перадвыбарчая кампанія.

Андрусь Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара