У Бярозе прэзентуюць кнігу пра Бяроза-Картузскі канцлагер



У Бярозе прэзентуюць кнігу “Нарысы гісторыі Бяроза-Картузскага канцлагера (ліпень 1934 – верасень 1939)”. Мерапрыемства адбудзіцца ў аўторак, 28-га студзеня, у Цэнтральнай раённай бібліятэцы, уваход вольны. Удзел возьмуць аўтары – гісторык Аляксандр Ільін з Пінску і ягоны ўкраінскі калега Пятро Мазур.

“Шмат цікавых дакументаў па лагеры захоўваецца ў Дзяржаўным архіве Берасцейшчыны”, – кажа Аляксандр Ільін:

– Ёсць фонд “Бяроза-Картузскі лагер” у Берасцейскім абласным архіве. Практычна ўсё датычнае лагера было прапрацавана за выключэннем каля трох тысяч асабовых спраў. Я недзе 600-800 асабовых спраў праглядзеў. Усе праглядзець нерэальна. Я паглядзеў справы найбольш адметных вязняў. Таму ў кнізе інфармацыі вялікая колькасць.

Матэрыялы гісторык збіраў дваццаць гадоў. За гэты час Аляксандр Ільін ужо двойчы выдаваў невялічкія зборнікі па Бярозе-Картузскай, але гэтая кніга абагульняе ўвесь сабраны матэрыял. Дапамогу ў выданні аказаў украінскі даследчык Пятро Мазур.

Беларускае Радыё Рацыя