У Бярозе судзяць журналістку Тамару Шчапёткіну



У судзе Бярозаўскага раёна пачаўся разгляд адміністрацыйнай справы журналісткі-фрылансеркі Тамары Шчапёткінай. Яе абвінавачваюць у незаконным вырабе і распаўсюдзе інфармацыі.

Але дадзеная норма закону тычыцца юрыдычных асобаў, а не журналістаў–фрылансераў. Журналістка даводзіла гэта суддзі Алене Нямковай.

Кажа Тамара Шчапёткіна:

– Я ўпэўнена, што ў нармальнай дзяржаве такога працэсу нават нельга сабе ўявіць. Як вырашыць суд, будзе відаць заўтра. Але звычайная практыка – караць такіх людзей, каб яны маўчалі і баяліся дапамагаць іншым.  Таго, што несправядлівасць і парушэнне правоў чалавека становяцца публічнымі, вельмі баяцца нашы ўлады. Гэта для іх непажадана. Таму яны стараюцца закрыць рот больш актыўным грамадзянам.

Сведка Анатоль Джыга не памятаў ні прозвішча Шчапёткінай, ні ад якога СМІ  жанчына задавала пытанні. Суддзя Нямкова вырашыла выклікаць Алеся Меха, які не помніў нічога пра працу Шчапёткінай у калідоры суда, і даярку Вольгу Псышчаніцу, справа якой разглядалася ў Кобрыньскім судзе ў той дзень.

Беларускае Радыё Рацыя, Бяроза