У Бярозы судзяць Вадзіма Сычыка за разбітае шкло ў міліцэйскім аўтобусе



У Бярозаўскім судзе пачаўся разгляд крымінальнай справы жыхара Бярозы 36-гадовага Вадзіма Сычыка.

Вядзе працэс старшыня суда Наталля Вакульчык. Сычыка абвінавачваюць у злосным хуліганстве, здзейсненым у адносінах да супрацоўнікаў міліцыі 10 жніўня. У гэты дзень адбылася ў Бярозе масавая акцыя супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў, жорстка разагнаная АМОНам і мясцовымі супрацоўнікамі міліцыі. Сычык пацвердзіў, што кінуў няспраўную запальнічку, ад якой не мог прыкурыць. Яна нечакана трапіла ў аўтобус, шкло пайшло трэшчынамі, кажа сябра праваабарончага цэнтра „Вясна” Сяржук Русецкі:

– Кідаюцца ў вочы нестыкоўкі паміж сведчаннямі маёра міліцыі, які ехаў у аўтобусе з супрацоўнікамі, і самога кіроўцы пра тое, чым было разбіта шкло. Міліцыянт сцвярджае, што гэта быў камень. А кіроўца кажа, што ўдар каменя аб шкло быў бы зусім іншы. Па словах кіроўцы, святла ў салоне аўтобуса не было. І адпаведна, на вуліцы маглі не ведаць, хто там едзе, проста аўтобус ці міліцыянты.

Паводле праваабаронцы, выглядаюць надуманымі доказы супрацоўніка міліцыі Віктара Іванюка, што ўсе ведалі, што едзе міліцыя.

Зараз мноства крымінальных спраў заведзена за тое, што нехта кінуў камень у бок транспарту, на якім ехала міліцыя, ці сарваў з міліцыянта маску,  балаклаву, затое ніводнай справы за забойствы, збіццё і калецтвы міліцыяй мірных грамадзян.

Суд над Сычыкам, якому пагражае да трох гадоў зняволення, працягнецца 27 студзеня а 15-й гадзіне.

Абвінавачаны Вадзім Сычык.

Сведкі: кіроўца аўтабазы №8 і галоўны інжынер.

Старшыня суда Наталля Вакульчык.

 Міліцыянт Віктар Іванюк.

Беларускае Радыё Рацыя