У Чарнігаве адзначаць беларускі Дзень Волі



Адзначыць Дзень Волі рыхтуюцца і ўкраінскія беларусы, якія жывуць на Сівершчыны. 25 сакавіка ў Кацярыненскай царкве, папулярнай у чарнігаўскіх праваслаўных вернікаў, мае адбыцца малебен за Беларусь. Пасля чаго прадстаўнікі беларускай дыяспары і ўкраінскія актывісты, прыхільныя да Беларусі, сустрэнуцца ў культурным цэнтры “Інтэрмецца”. У праграме – гістарычны экскурс пра стварэнне БНР, дыскусія пра цяперашні стан рэчаў у Беларусі і, натуральна, сяброўскае беларуска-ўкраінскае застолле.

Пра праблемы нацыянальнага самавызначэння разважае а. Яўген Орда, пратаіерэй Кацярыненскай царквы:

– Трэба маліць Бога, каб ён дапамог расплюшчыць людзям духоўныя вочы, каб яны ведалі, што жывуць у гэтай дзяржаве. Каб разумелі ўсёй сваёй сям’ёй, сваёй Радзімай, што яны беларусы і жывуць у беларускай, еўрапейскай дзяржаве, а не краіне, якая крок за крокам становіцца часткай Расеі.

Толькі паводле афіцыйных дадзеных, у Чарнігаве жыве каля 15 тысяч беларусаў. Колькі этнічных беларусаў жыве ва ўкраінска-беларускім сумежжы, дакладна невядома.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя