У дачыненні да двух беларускіх аўтараў Regnum пачатыя новыя крыміналкі



Як стала вядома БелаПАН, следства па справе трох беларускіх аўтараў расейскага інфармацыйнага агенцтва Regnum чарговы раз працягнутае. Цяпер — як мінімум да канца жніўня.

У дачыненні да двух фігурантаў — Юрыя Паўлаўца і Сяргея Шыпценкі — распачатыя новыя крымінальныя справы — за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць (арт. 233 КК).

У снежні 2016 года былі затрыманыя і заключаныя пад варту Паўлавец, Шыпценка і Дзмітрый Алімкін — беларускія грамадзяне, якія рыхтавалі матэрыялы пра ўнутрыпалітычную і эканамічную сітуацыю ў Беларусі для шэрагу расейскіх інтэрнэт-рэсурсаў і СМІ, у тым ліку для Regnum. Следчы камітэт распачаў у дачыненні да іх крымінальныя справы аб распальванні міжнацыянальнай варожасці (ч. 3 арт. 130 КК; яе санкцыя прадугледжвае да 12 гадоў пазбаўлення волі). Усім тром выстаўленыя абвінавачанні.

Спачатку былі затрыманыя і заключаныя пад варту два аўтары Regnum, а таксама сайтаў „Лента.ру” і „ЕАДейли”: выкладчык БДУІР Юрый Паўлавец (публікаваўся пад псеўданімамі Павел Юрынцаў і Мікалай Радаў) і вартаўнік з Берасця Дзмітрый Алімкін (псеўданім Ала Бронь). Затым з’явілася інфармацыя пра затрыманне мінчаніна Сяргея Шыпценкі (псеўданім Артур Грыгор’еў).

„Падчас вобыскаў атрыманыя звесткі пра дачыненне названых асоб да супрацьпраўнай дзейнасці і атрыманне імі грашовых узнагароджанняў за падрыхтоўку замоўленых публікацый ад грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, які пастаянна жыве ў Маскве. Следства мяркуе, што асноўным матывам іх супрацьпраўнай дзейнасці з’яўлялася матэрыяльная зацікаўленасць”, — паведаміў 8 снежня Следчы камітэт Беларусі.

Тэлеканалу ОНТ 8 снежня пачынанне крымінальных спраў начальнік аддзела інфармацыі і сувязяў з грамадскасцю СК Сяргей Кабаковіч пракаментаваў так: „Было ўстаноўленае, што гэтыя асобы паводле ўказання шэф-рэдактара ІА Regnum Юрыя Баранчыка, грамадзяніна Беларусі, які жыве ў Маскве, рыхтавалі публікацыі за грашовыя ўзнагароджанні. У сувязі з тым, што Паўлавец і Алімкін дзейнічалі групай асоб паводле адзінай задумы, следствам разглядаецца пытанне аб злучэнні крымінальных спраў у адну вытворчасць на падставе ч. 3 арт. 130 КК. <…> Падчас праведзеных вобыскаў атрыманыя звесткі пра дачыненне названых асоб да супрацьпраўнай дзейнасці і атрыманне імі грашовых узнагароджанняў, у тым ліку праз перавод Western Union з тэрыторыі Расіі, за падрыхтоўку замоўленых публікацый”.

15 сакавіка ў Маскве паводле запыту беларускага боку ў межах расследавання справы згодна з ч. 3 арт. 130 КК быў затрыманы Юрый Баранчык. У Regnum тады заявілі, што затрыманне Баранчыка праведзенае на запыт беларускіх уладаў, якія „з пачатку снежня 2016 года вядуць палітычны пераслед аўтараў і супрацоўнікаў Regnum з-за надуманых абвінавачанняў у „распальванні міжнацыянальнай варожасці”, згодна з якімі ім пагражае да 12 гадоў зняволення”.

Баранчык папрасіў у Расеі палітычнага прыстанку.

16 сакавіка Дарагамілаўскі раённы суд Масквы адмовіў у задавальненні хадайніцтва пракурора аб абранні Баранчыку меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.