У дачыненні да Сяргея Лук’янава пачатая крымінальная справа



У дачыненні да ўдзельніка тэлеграм-канала „Армія з народам” Сяргея Лук’янава пачатая справа па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса Беларусі (арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.

Ён быў затрыманы 21 ліпеня разам з іншым удзельнікам тэлеграм-канала „Армія з народам” Сяргеем Коршунам. Дома ў Лук’янава прайшоў вобшук. 29 чэрвеня супрацоўнікі міліцыі ўжо затрымлівалі яго, а затым аштрафавалі на 1.350 рублёў за непадпарадкаванне міліцыі і абразу службовай асобы.

21 ліпеня праваабаронцы паведамілі пра новыя факты пераследу актыўных людзей па палітычна матываваных падставах. Так, паводле інфармацыі праваабаронцаў, у Менску затрыманы Максім Субач — музыкант гурту TonqiXod і член ініцыятыўнай групы былога банкіра Віктара Бабарыкі, не зарэгістраванага кандыдатам у прэзідэнты. Паводле звестак намесніка старшыні Беларускага ПЭН-цэнтра Таццяны Нядбай, апошні раз Субач выходзіў на сувязь у нядзелю, 19 ліпеня, каля 23.00. Вядома, што да гэтага ён быў на перадвыбарным мітынгу кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай у сталічным парку Дружбы Народаў. Са спасылкай на УУС Цэнтральнага раёна Менска праваабаронцы паведамляюць, што Субач затрыманы па арт 17.1 КоАП (дробнае хуліганства) і знаходзіцца ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў.

Праваабаронцы таксама паведамляюць, што 24 ліпеня ў сталічнае ўпраўленне Следчага камітэта выкліканая Яна Цягалка, якая нібыта адправіла абразлівае паведамленне супрацоўніку ДАІ, які жорстка затрымліваў удзельнікаў „ланцуга салідарнасці” 20 чэрвеня ў Ганцавічах (Брэсцкая вобласць). Па факце паведамлення праводзіцца праверка.

У Вілейцы (Менская вобласць) работнік аддзела ЖКГ райвыканкама склала ў дачыненні да актывіста Андрэя Кудзіка пратакол за парушэнне правілаў карыстання жылым памяшканнем (ч. 1 арт. 21.16 КоАП). Падставай паслужыла выяўленае мясцовай міліцыяй відэа ў тэлеграм-канале „Вілейка для жыцця”, апублікаванае ў Дзень Незалежнасці, на якім Кудзік, як вынікае з пратакола, „пад гучную музыку стукае невядомым прадметам па крышцы каструлі, якую трымае ў руках”. 22 ліпеня Кудзіка зноў выклікаюць у аддзел ЖКГ, як мяркуецца, для складання новага пратакола.

belapan.by