У дачыненні да затрыманых журналістаў пачаты адміністрацыйны працэс



У дачыненні да журналістаў, затрыманых 17 кастрычніка пры асвятленні студэнцкай акцыі ў Менску, распачаты адміністрацыйны працэс, паведаміў прадстаўнік прэс-службы ГУУС Менгарвыканкама Раман Лашкевіч. Аб якім менавіта артыкуле КоАП ідзе гаворка, ён не ўдакладніў.

Раней Лашкевіч паведаміў, што журналісты дастаўленыя ў РУУС для праверкі дакументаў. Пры гэтым ён адмовіўся ўдакладніць прозвішчы дастаўленых і месца іх знаходжання. „Цяпер аб затрыманні журналістаў гаворкі не ідзе, — сказаў Лашкевіч. — Ёсць журналісты, якія дастаўленыя ў адно з тэрытарыяльных РУУС для разбору, у іх правяраюць дакументы”.

Паводле наяўнай інфармацыі, сёння ў цэнтры Менска былі затрыманыя як мінімум тры журналісты — супрацоўнікі БелаПАН і tut.by Вадзім Заміроўскі і Усевалад Зарубін, а таксама карэспандэнт Onliner Дар’я Спевак. Затрымліваўся і карэспандэнт РІА Новости, але пасля праверкі дакументаў яго адпусцілі — пра гэта паведаміла расійскае інфармагенцтва.

Нагадаем, у мінулую нядзелю падчас асвятлення Маршу гонару па ўсёй Беларусі было затрымана каля 40 супрацоўнікаў СМІ. 15 журналістаў, затрыманых у Мінску, былі дастаўленыя ва УУС Кастрычніцкага раёна і правялі там ад 10 да 13 і больш гадзін. Спачатку ім абяцалі проста праверыць дакументы, затым склалі пратаколы паводле арт. 23.4 КоАП (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў). Судоў яшчэ не было.

Увесь час, пакуль журналісты знаходзіліся ў Кастрычніцкім РУУС, іх на вуліцы чакалі калегі. Не выключана, што сёння Лашкевіч не стаў называць месцазнаходжанне затрыманых, каб пазбегнуць збору людзей.

belapan.by