У дачыненні да журналісткі Вольгі Быкоўскай складзены пратакол



Ва УУС Ленінскага раёна Менска ў нядзелю, 15 снежня, была выкліканая журналістка Вольга Быкоўская. У яе дачыненні складзены пратакол аб правапарушэнні на падставе арт. 23.34 КоАП за ўдзел у акцыі супраць паглыблення інтэграцыі Беларусі і Расеі, якая прайшла ў Менску 7 снежня.

„Паказалі маю фатаграфію буйным планам. Сапраўды, я знаходзілася ў той дзень ля паштамта ў жывым ланцугу і была ўдзельніцай акцыі”, — сказала БелаПАН Быкоўская, якая з’яўляецца членам рады руху „За Свабоду”. У той жа час, паводле яе слоў, права на свабоду выказвання меркавання гарантаванае Канстытуцыяй, асабліва калі гаворка ідзе пра захаванне незалежнасці краіны.

Калі адбудзецца суд, Быкоўскай у міліцыі не паведамілі.

Выклікаць у міліцыю ўдзельнікаў акцый пратэсту, якія прайшлі ў Менску 7 снежня, пачалі 13 снежня. Пратэст быў прымеркаваны да чаканага на наступны дзень падпісання дакументаў аб паглыбленай інтэграцыі ў Саюзнай дзяржаве. З 11.30 да 11.45 уздоўж праспекта Незалежнасці, на ўчастку ад будынка цырка да паштамта, сотні людзей сталі ў жывы ланцуг, трымаючыся за рукі. Акцыя была арганізаваная грамадзянскай кампаніяй „Свежы вецер”. Пасля поўдня на Кастрычніцкай плошчы пачаўся несанкцыянаваны мітынг, які ініцыяваў Павел Севярынец. Міліцыя папярэджвала ўдзельнікаў у мегафоны аб незаконнасці акцыі. Агульная колькасць пратэстоўцаў склала прыблізна тысячу. 8 снежня ў сталіцы адбылася яшчэ адна пратэстная акцыя

belapan.by

Фота з Фэйсбука Вольгі Быкоўскай.