У ДФР КДК праходзіць допыт Юліі Чарняўскай



Адвакат удавы заснавальніка tut.by Юрыя Зісера Юліі Чарняўскай прыбыў на допыт у дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю, паведаміла яе дачка Яўгенія Чарняўская.

„Мамін адвакат атрымаў званок ад супрацоўнікаў ДФР, што цяпер над мамай будуць адбывацца следчыя дзеянні — імаверна, допыт”, — сказала Чарняўская.

Паводле яе слоў, адвакат зайшоў на сустрэчу, іншых падрабязнасцяў пакуль няма.

Юлія Чарняўская — навуковец, празаік, драматург, кандыдат культуралогіі, прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, спецыяліст па культурнай антрапалогіі, аўтар кніг па культуралогіі, а таксама п’ес, раманаў, аповесцей, член Беларускага ПЭН-цэнтра.

Сувязі з ёй не было з 18 траўня. Сёння маці Юліі Чарняўскай падала заяву ў КДБ для ўстанаўлення месцазнаходжання дачкі. Сваякі таксама планавалі падаць заяву ў міліцыю, каб там прынялі меры да вышуку Юліі Чарняўскай, паколькі былі падставы меркаваць, што яна знікла.

Праваабарончая супольнасць Беларусі заклікала ўлады неадкладна паведаміць пра месцазнаходжанне Чарняўскай. Заява 20 траўня накіраваная генеральнаму пракурору Андрэю Шведу, міністру ўнутраных спраў Івану Кубракову, старшыні Камітэта дзяржбяспекі Івану Церцелю.

„Мама — саўладальніца hoster.by пасля смерці таты, але гэтая кампанія не звязаная з tut.by, — паведаміла раней БелаПАН Яўгенія Чарняўская. — Частка tut.by, якая належала тату, пасля яго смерці адышла да мяне. Я жыву ў Ізраілі, і, думаю, тата зрабіў гэта з меркаванняў бяспекі. Але са мной ніхто не звязваўся”.

Атрымаць каментар у сілавых структурах БелаПАН не ўдалося. Афіцыйны прадстаўнік КДБ Андрэй Яраш трэці дзень не адказвае на тэлефанаванні, а прадстаўнік дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю (які распачаў крымінальную справу супраць менеджараў tut.by) Юрый Кардымон заявіў, што ў яго няма ніякай інфармацыі наконт Юліі Чарняўскай.

belapan.by