У ДТЗ пад Пухавічамі загінулі маладыя дакументалісты



У ДТЗ пад Пухавічамі (Менская вобласць) 14 траўня загінулі члены здымачнай групы, якія стваралі фільм пра грамадзянскую кампанію дапамогі медыкам ByCovid-19.

Як паведаміў у „Фэйсбуку” адзін з каардынатараў ByCovid-19 Андрэй Стрыжак, загінулі рэжысёр Уладзімір Міхайлоўскі і мастак-гукарэжысёр Максім Гаўрыленка, рэжысёр Любоў Зямцова — у рэанімацыі.

„Учора ўвечары група дакументалістаў, з якой мы ўвесь дзень адпрацавалі пры перадачах у бальніцы, трапіла ў аварыю. Загінулі двое хлопцаў — Валодзя і Максім. Люба ў рэанімацыі. У яе ўчора быў дзень нараджэння, — напісаў Стрыжак. — Валодзя казаў пра тое, што падумвае далучыцца да нашай каманды пасля таго, як скончыць праект. Максім у асноўным моўчкі рабіў сваю працу і відавочна быў пад уражаннем ад таго, што мы ўсе бачылі ў бальніцы. Люба шмат распавядала аб праекце і як ёй важна адлюстраваць нашу працу. За дзень мы вельмі пасябравалі, як бывае з людзьмі, якія на адной хвалі. Гэта было больш чым дакументальнае кіно. Мы адпрацавалі гэты дзень як адна валанцёрская каманда”.

Па факце гібелі людзей у ДТЗ распачатая крымінальная справа на падставе ч. 3 арт. 317 (парушэнне правілаў дарожнага руху, што пацягнула па неасцярожнасці смерць трох асоб) КК. Следчы камітэт у сваім тэлеграм-канале паведаміў: „У 19.40 14 траўня ў Пухавіцкім раёне на 43-м км аўтадарогі М5 адбылося ДТЗ з удзелам аўтамабіляў Rover і Citroen. У выніку аварыі загінулі 33-гадовы кіроўца і 26-гадовы пасажыр Citroen, а таксама 20-гадовы жыхар Гомеля, які кіраваў аўтамабілем Rover. Папярэдне ўстаноўлена, што сутыкненне адбылося, калі кіроўца Rover выехаў на сустрэчную паласу руху і сутыкнуўся з аўтамабілем Citroen”.

belapan.by