У Дуброўне высвятляюць у судзе, у чый калодзеж праваліўся “Сітраен”



У горадзе Дуброўне Віцебскай вобласці праходзіць суд па справе, якая адбылася ў кастрычніку, калі  аўтамабіль “Сітраен” наехаў на прыкрыты дошкамі і пяском люк. Кіроўцам аўтамабіля аказаўся фермер Ігар Грышанаў, які адразу пачаў высвятляць, як камунальнікі Дуброўны маглі накрыць калодзеж звычайным пешаходным люкам. Прадстаўнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі “Дуброўна – Камунальнік” заявілі, што недатычныя да справы люка. Перад судом адказваюць людзі, якім падключалі ваду.

Гаворыць адна з адказчыц – Таццяна Пяцькова:

– Гэта дваравая тэрыторыя. Калі набываліся люк і накрыўка, то было ўзгоднена па тэлефоне, там дзе набывалася, майстрам ЖКГ. Сказалі, на наступны дзень паставім. На наступны дзень паставілі. Майстар прыйшоў і сказаў, што яму трэба пракантраляваць, як зроблена, каб было правільна, бо я адказваю за гэта. Не ведаем цяпер, чый гэта калодзеж. Гэта зямля агульнага карыстання. Там уезд ва двор. Канешне, яны ўсё забылі і не помняць, якая была размова.

Адказчыкі лічаць, што вінаваты камунальнікі, якія нядбайна паставіліся да выканання сваіх абавязкаў. Праведзеныя ўжо чатыры паседжанні суда, але кропка ў справе пакуль не пастаўлена. Наступнае пасяджэнне прызначана на 14-га лютага, калі суд дапытае ў якасці сведкі слесара, які непасрэдна ўсталёўваў люк.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя