„У дзеда зямлю забралі саветы, у мяне забірае беларуская ўлада”



Інваліда з Кобрыншчыны Аляксандра Краўчука працягваюць караць за выкапаны вадаём на сваёй аграсядзібе. Да 39-га года ўладальнікам гэтай зямлі быў ягоны дзед.

Пяць з паловай тысяч беларускіх рублёў штрафу ён атрымаў за парушаную экалогію ад інспекцыі па ахове прыроды. Раённая землеўпарадкавальная служба з свайго боку звярнулася ў суд Кобрынскага раёна з заявай за няправільнае выкарыстанне зямельнага ўчастка, каб яго забраць, кажа Аляксандр Краўчук:

– Саветы забралі зямлю ў дзеда, а цяпер атрымліваецца, што і ў мяне, тую ж самую зямлю, але ўжо беларуская дзяржава забірае. У Кобрыні суд адбыўся, мне прысудзілі дзве базавыя. А далей землеўпарадкавальная служба канфіскуе зямлю, і прымусяць мяне правесці рэкультывацыю, то бок прывесці зямлю ў той стан, якая яна была.

Паводле дзедавых дакументаў на зямлю, там калісьці на гэтым месцы і быў вадаём. Пры саветах ён заплыў. Але там нічога не расло, акрамя карчоў. З-за падтаплення ўчастак не выкарыстоўваўся, быў занядбаны, гаворыць Аляксандр Краўчук. З гэтым пытаннем ён звярнуўся ў пракуратуру і да кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталлі Качанавай. Адказаў пакуль няма.

Беларускае Радыё Рацыя