У дзіцячым лагеры ў Віцебскай вобласці 13 дзяцей захварэлі на каронавірус



13 дзяцей захварэлі на каронавірус ў дзіцячым аздараўленчым лагеры «Пра100р», які размяшчаецца ў Лёзненскім раёне Віцебскай вобласці, піша «Смартпресс».

«На дадзены момант усе дзеці, у якіх дыягнаставаны каронавірус, знаходзяцца ў асобным корпусе. Усе адчуваюць сябе нармальна. На шчасце, дзеці лёгка пераносяць гэты вірус, а ўсе педагогі у нас прышчэплены. Для дзяцей арганізавана асобнае харчаванне, асобная праграма», – распавёў выданню сузаснавальнік цэнтра «100 балаў» Дзмітрый Рыжыкаў. Першы выпадак, па словах Рыжыкава, дыягнаставаны 19 жніўня і, хутчэй за ўсё, быў завозным.

Цяпер у лагеры ўзмоцнены меры прафілактыкі: забароненыя ўсе кантакты з бацькамі, скарочаныя актыўнасці ў памяшканні. Уведзены масачны рэжым для педагогаў.

«Бацькі могуць забраць дзяцей, але нямногія зрабілі гэта, бо дзеці хочуць застацца ў лагеры – у нас падрыхтавана вельмі насычаная і цікавая праграма», – адзначыў Рыжыкаў.