У Дзяржынскім раёне ў полі пад коламі камбайна загінула жанчына



Дзяржынскі раённы аддзел Следчага камітэта ўстанаўлівае акалічнасці гібелі пенсіянеркі падчас сельскагаспадарчых работ, паведаміла афіцыйны прадстаўнік УСК па Менскай вобласці Таццяна Беланог.

Устаноўлена, што днём 5 кастрычніка на кукурузным полі паблізу вёскі Ярашоўка Дзяржынскага раёна механізатар, кіруючы кормаўборачным комплексам, наехаў на 80-гадовую мясцовую жыхарку. Ад атрыманых траўмаў жанчына памерла на месцы.

Падчас агляду месца здарэння знойдзена сумка з кукурузнымi пачаткамі, канфіскаваныя іншыя прадметы, зафіксаваныя сляды.

Па выніках першапачатковых следчых дзеянняў распачатая справа па ч. 2 арт. 317 Крымінальнага кодэкса (парушэнне правілаў дарожнага руху або эксплуатацыі транспартных сродкаў, што мела вынікам па неасцярожнасці смерць чалавека).

Прызначаныя судова-медыцынская, аўтатэхнічная экспертызы і іншыя даследаванні, расследаванне працягваецца. Канчатковая прававая ацэнка будзе дадзена па выніках высвятлення ўсіх акалічнасцяў.

belapan.by