У Езярышчы зарэгістраваны абсалютны тэмпературны мінімум гэтай зімы



 Новы тэмпературны мінімум цяперашняй зімы ўсталяваны ў Беларусі ў ноч на 22 лютага.

У Езярышчы на поўначы Віцебскай вобласці паветра ахаладзілася да 26,4 градуса. Ранейшы рэкорд складаў 22,9 градуса ніжэй за нуль (зафіксаваны ў ноч на 24 студзеня ў Вілейцы Менскай вобласці).

Варта адзначыць, што сіноптыкі прагназавалі падзенне тэмпературы пры праясненнях да 20—24 градусаў марозу.

Ніжэй за 20 градусаў мінулай ноччу тэмпература зарэгістраваная таксама ў Докшыцах (22,1) і Верхнядзвінску (20,7) — раённых цэнтрах Віцебскай вобласці.

Самай цёплай ноч была ў Васілевічах (Гомельская вобласць) — мінус 4,4 градуса.

У бліжэйшыя дні халоднае надвор’е захаваецца, арктычнае паветра распаўсюдзіцца на большую частку тэрыторыі.

У гэтым халодным сезоне зіма прыйшла са спазненнем: ніжэй за 10 градусаў марозу тэмпература ўпершыню ўпала ў ноч на 13 студзеня.

(Пры падрыхтоўцы матэрыялу прааналізаваныя аператыўныя карты мінімальных тэмператур на рэсурсе meteoinfo.by.)  БелаПАН