У гадавіну аварыі на ЧАЭС у Менску затрымана прыблізна 20 чалавек
Нягледзячы на адсутнасць акцый з нагоды 35-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС, вечарам 26 красавіка ў Менску было затрымана прыблізна 20 чалавек, паведамілі праваабаронцы.
Затрыманні адбываліся ў раёне вуліцы Арлоўскай, дзе ў апошнія гады звычайна заканчвалася арганізаванае апазіцыйнымі сіламі шэсце „Чарнобыльскі шлях”. Пасля 17.00 у гэтым раёне супрацоўнікі міліцыі сталі спыняць мінакоў, правяраць змесціва іх сумак і заплечнікаў. Як мінімум адзін чалавек быў затрыманы ля Нацыянальнай акадэміі навук.
Двух чалавек, згодна з папярэдняй інфармацыяй, затрымалі ў іх кватэрах.
Сярод затрыманых дзяўчына, якая жыве на вуліцы Мендзялеева і адзначала дзень нараджэння. Прыблізна 10 чалавек прыйшлі павіншаваць яе, у тым ліку з выхадам з каранціну ў сувязі з каронавірусам. Яны былі апранутыя ў ахоўныя касцюмы і, паводле інфармацыі праваабаронцаў, трымалі плакат. Удзельнікі віншавання былі затрыманыя сілавікамі ў цывільным.
Традыцыйная акцыя ў гадавіну трагедыі на Чарнобыльскай АЭС сёлета забароненая ўладамі. У Менску было заўважана шмат спецтэхнікі.
Праваабаронцам таксама вядома аб правядзенні 26 красавіка не менш за 12 судоў па адміністрацыйных справах у сувязі з пратэстамі. Большасць фігурантаў атрымалі арышты.
Фота tut.by
