У гарадзенскім кінатэатры адбылася акцыя супраць спайса



У самым старым гарадзенскім кінатэатры “Чырвоная Зорка” адбылася акцыя – флэшмоб супраць ужывання спайса. Яе ўдзельнікамі сталі гарадзенскія музыкі з праекту “Ведай нашых”. Перад прэм’ерай фільма „50 адценняў шэрага” больш за 20 фігур нечакана з’явіліся перад публікай і нерухома застылі ў розных месцах кінатэатра. Потым дэманстраваўся адмысловы відэасюжэт, прысвечаны праблематыцы спайса. А маленькія анёлы, якіх гралі гарадзенскія дзеткі, нібы ажывілі састылыя ў зале кінатэатра фігуры.

Пра акцыю распавядае піар-менеджэр праекту “Ведай Нашых”Міхаіл Ліс:

– Акцыя ладзіцца супраць спайсу, каб звярнуць увагу перадусім моладзі. Навізна гэтай акцыі, у адрозненні ад іншых, у тым, што музычны праект “Ведай нашых” паспрабуе праз поп-культуру, праз поп-музыку, праз той канал, які найбольш запатрабаваны моладзю, які найбольш для іх цікавы, данесці маштаб праблемы спайсу, і засцерагчы ад той трагедыі, якая чакае тых людзей, што прымаюць гэты наркотык.

Сучасная “Чырвоная Зорка”- гэта самы стары гарадзенскі кінатэатар, які першапачаткова насіў назву “Эдэм” і акцыю прысвяцілі таксама 100-гадоваму юбілею гэтай установы культуры.

Беларускае Радыё Рацыя