У Гародні абмеркавалі студэнцкае размеркаванне



Гарадзенскі Цэнтр гарадскога жыцця стаў месцам, дзе прадстаўнікі студэнцкіх арганізацый, праўсаюзнікі і праваабаронцы абмеркавалі размеркаванне студэнтаў.

Апроч прадстаўнікоў недзяржаўных арганізацый, таксама былі і студэнты з Купалаўскага ўніверсітэта Гародні. Пра мэты сустрэчы распавядае кіраўнік праграмы размеркавання маладых спецыялістаў БАСС Зміцер Варнашоў, які быў адным з арганізатараў сустрэчы.

Сабраць у адным месцы ўсе зацікаўленыя бакі размеркавання: студэнтаў, наймальнікаў, грамадзянскую супольнасць, прадстаўнікоў універсітэтаў, каб абмеркаваць, якім павінна быць размеркаванне, куды рухацца, як яго трэба рэфармаваць. Бо апошняя кампанія і мінулыя гады сведчаць, што гэта анахранізм, які ў дзеючым выглядзе ператвараецца ў фармальнасць і нясе больш шкоды і эканоміцы, і адукацыі, і самім універсітэтам.

Для студэнтаў, што прыйшлі на сустрэчу, гэтая тэма была надзвычай актуальнай.

Такія сустрэчы патрэбны, бо мы можам атрымліваць новую інфармацыю, даведвацца пра тое, чаго не ведалі раней, нават па-за тэматыкай сустрэчы. І мы можам бачыць людзей, якія натхніла мэта, і таксама браць з іх прыклад.

– Гэта важна, бо нам расказваюць пра альтэрнатывы, дзе і што можна знайсці, якім чынам. І пры гэтым усё на прававой аснове, якая сёння вельмі патрэбна для маладога спецыяліста і студэнта, які зяўляецца выпускніком, каб ведаць, куды можна звярнуцца, як трэба дзейнічаць.

Падобныя сустрэчы, прысвечаныя размеркаванню студэнтаў, адбудуцца ва ўсіх абласных цэнтрах і завершацца ў Менску вялікай канферэнцыяй, на якую плануюць запрасіць прадстаўнікоў Міністэрства адукацыі і прадстаўнікоў улады.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня