У Гародні абмяркоўвалі Армію Краёву



Гісторыкі двух краін абмеркавалі Армію Краёву. Генеральнае консульства Польшчы ў Гародні арганізавала дыскусію на гэтую тэму. Гаварылі пра гісторыю АК, яе дзейнасць, як на тэрыторыі сучаснай Польшчы, так і на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

Мадэратарам дыскусіі выступіў доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук:

– Гэта самыя складаныя пытанні польска-беларускіх адносін і гістарычных рэляцый, кантактаў. Трэба абмяркоўваць. Мы шмат у чым разыходзімся, але без такога абмеркавання, без такіх дыскусій паразумення проста не можа быць. Пра сітуацыю на Украіне, пра расейскую агрэсію супраць Украіны… у вялікай ступені, я ў гэтым упэўнены, за гэта нясуць адказнасць таксама гісторыкі. Расейскія гісторыкі даказвалі, вядомы гэты слоган – «Крым наш», тое, што Расея мае права на гэтыя землі. Гістарычная памяць у такіх сітуацыях адыгрывае каласальную ролю. Павінны размаўляць пра агульныя праблемы з польскімі даследчыкам, каб ніхто не мог маніпуляваць гістарычнай памяццю.

Перад дыскусіяй на тэрыторыі польскага консульства ў Гародні адкрылася выстава, прысвечаная дзейнасці і гісторыі Арміі Краёвай. Прадстаўнікі консульства і гісторыкі спадзяюцца, што яна будзе цікава кожнаму наведніку консульства.

Беларускае Радыё Рацыя