У Гародні ад атручэння метылавым спіртам памерлі два чалавекі



Тры чалавекі атруціліся метылавым спіртам у Гародні, двое з іх памерлі, адзін шпіталізаваны, паведамляе прэс-служба УУС Гарадзенскага аблвыканкама.

Паводле інфармацыі УУС, мужчына 1963 года нараджэння знайшоў на пляцоўцы збору бытавых адходаў паўлітровую ёмістасць са спіртазмяшчальнай вадкасцю і прапанаваў сваім суседзям, мужчыну 1958 года нараджэння і жанчыне 1971 года нараджэння, яе сумесна распіць.

„За вечар амаль уся бутэлька была выпітая, усе разышліся па кватэрах, — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы. — Бліжэй да трох гадзін ночы людзі адчулі недамаганне. Прыбыўшыя на месца здарэння міліцыя і медыкі знайшлі аднаго з мужчын ужо мёртвым. Другі гарадзенец, які знайшоў вадкасць, таксама памёр у сваёй кватэры. Жанчына з цяжкім атручэннем была дастаўленая ў бальніцу”.

Згодна з папярэднім заключэннем экспертаў, усе грамадзяне атруціліся метылавым спіртам. Пацярпелую ад смерці выратавала толькі тое, што яна выпіла менш за іншых.

belapan.by