У Гародні адбылася дыктоўка ў гонар 100-годдзя БНР



Адзінаццатая нацыянальная дыктоўка, прымеркаваная сотым угодкам БНР, прайшла ў Гародні. У зале, якая змясціла каля сотні чалавек, чытаўся ўрывак з рамана Генрыха Далідовіча „Свой дом” пра абвяшчэнне Трэцяй Устаўной Граматы Беларускай Народнай Рэспублікі. Чытаць дыктоўку гэтым разам было прапанавана галоўнаму рэдактару літаратурнага альманаха „Новы Замак” Янку Трацяку.

Кажа адзін з арганізатараў дыктоўкі Эдвард Дзмухоўскі:

– Гэта ў нас ужо 11-я дыктоўка. Дзякуй Богу, мы дажылі да 100-годдзя БНР. Усе нашыя дыктоўкі былі прысвечаныя Дню Волі, Дню Беларускай Народнай Рэспублікі. Ну а сённяшняя, сам Бог казаў, каб яна была прысвечана БНР. Удзельнікі ўбачаць вясковы клімат нашага краю: буслоў, платы, жбанкі, кветкі, бел-чырвона-белыя сцягі, Пагоні. Павінен быць добры настрой, добрыя спевы, добры тэкст.

Нашае Беларускае Радыё Рацыя не толькі інфармацыйна, але і прамацыйна падтрымлівае беларускія святочныя імпрэзы, якія нагадваюць пра тое, што Беларуская Народная Рэспубліка – гэта старт Беларусі ў дваццатым стагоддзі як незалежнай краіны.

Кажа Віктар Сазонаў, прадстаўнік „Рацыі”, які ад радыё падараваў удзельнікам дыктоўкі юбілейныя каляндарыкі.

– Беларускае Радыё Рацыя вельмі шырока асвятляе – і ў эфіры, і на старонках свайго сайта – падзеі, якія звязаныя са 100-годдзем БНР. Нічога стараецца не прапускаць, бо на падобныя імпрэзы прыходзяць патэнцыйныя слухачы, патэнцыйныя чытачы матэрыялаў Беларускага Радыё Рацыя. Безумоўна, мы таксама стараемся падтрымаць гэтыя імпрэзы тым, чым можам падтрымаць, у тым ліку і рэкламнай кампаніяй нашага радыё.  

Напрыканцы імпрэзы акустычна выступіў музыка Алесь Дзянісаў з сваімі творамі, напісанымі на вершы гарадзенскіх паэтаў.

Святкаванне працягнецца ў Дзень Волі, 25-га сакавіка, у Каложскім парку а 13-00 гадзіне канцэртам і мітынгам.

А напярэдадні арганізатары заклікаюць паўдзельнічаць на малітвах за Беларускі народ. У Каложскай царкве – а 12-00 гадзіне, у грэка-каталіцкай капліцы – аб 11-00 гадзіне, у рыма-каталіцкай катэдры – а 14-00 гадзіне.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара