У Гародні адбылася Калядная Ёлка для беларускіх дзетак



У памяшканні гарадзенскага Цэнтра гарадскога жыцця дзясяткі бацькоў са сваімі дочкамі і сынамі паўдзельнічалі ў забаўнай гісторыі з адмоўнымі і станоўчымі персанажамі беларускіх казак, пахадзілі ў карагодзе разам са Святым Міколам, а ўрэшце – атрымалі калядныя падарункі.

Кажуць ўдзельнікі імпрэзы:

– Мы прыйшлі, каб пазнаёміцца з беларускамоўнымі бацькамі, пазнаёміць дзетак. Далучыць да нашай культуры, каб паступова прызвычайваліся, таму што ў нашым грамадстве бракуе такіх імпрэз, такіх сустрэч, увогуле такіх людзей, з якімі можна сустрэцца і на роднай мове паразмаўляць пра існуючыя праблемы.

– Гэта – самае сапраўднае свята, і самае важнае, што мы гэта робім для дзетак. Гэта галоўнае.

Беларуская Ёлка – цудоўнае месца для інтэграцыі беларусаў. Гэта фактычна адзіная магчымасць нефармальным чынам сустрэцца беларускамоўным і разам правесці час. Асабліва гэта важна для дзяцей, – заўважаюць удзельнікі. Многія дзеці прыйшлі ў карнавальных касцюмах і падрыхтавалі для Святога Міколы вершы пра Раство.

Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара