У Гародні адбыўся круглы стол на тэму масавых мерапрыемстваў



Круглы стол на тэму правядзення сходаў і масавых мерапрыемстваў, а таксама правоў, якіх пазбаўлены грамадзяне ўладамі, быў праведзены ў Гародні. У гэтым абласным цэнтры ўжо больш як 14 год улады не дазваляюць праводзіць масавых мерапрыемстваў, агарадзіўшы актыўных гарадзенцаў ад жывога кантакту с суграмадзянамі на вуліцах і пляцах места. Прадстаўнікі праваабарончых арганізацыяў, рухаў і партыяў падпісалі па выніках круглага стала заяву да гарадзенскага выканаўчага камітэту. Кажа ўдзельнік круглага стала, прадстаўнік праваабарончага цэнтру „Вясна” Віктар Сазонаў:

– Гарадзенскія ўлады ўвесь час прыдумвалі ўсялякія рэчы, каб не дазволіць то тое, то гэта, то трэцяе, то дзясятае. І ўрэшце дайшлі да таго, што трэба аплочваць паслугі міліцыі, аплочваць медычныя паслугі, прыборку тэрыторыі, на якой плануецца правесці масавае мерапрыемства. І вось нарэшце праваабаронцы ўзяліся за гэтую справу, праглядзелі заканадаўства і высветлілі, што гэтыя патрабаванні абсалютна незаконныя. І зараз у розных гарадах Беларусі, у розных абласцях праводзяцца падобныя круглыя сталы.

На думку ўдзельнікаў круглага стала, існуючая практыка правядзення ў цэнтры Гародні толькі праўладных мерапрыемстваў пазбаўляе грамадзянаў роўнасці мірных сходаў. А патрабаванні да заяўнікаў заключаць дамовы з камунальнікамі, міліцыяй, пажарнікамі і медыкамі – беспадстаўныя. Заяву падпісалі ўсе ўдзельнікі.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя