У Гародні адбыўся перадкалядны “Вольны кірмаш”



Ужо пяты раз яго арганізатарам выступіў “Універсітэт Залатога веку”. Галоўная роля тут належыць людзям сталага веку, якія з радасцю гатовыя падзяліцца сваімі набыткамі і рэчамі з тымі, хто побач.

Кажа сябра рады Універсітэту Ларыса Кіркевіч:

– Два разы на год мы праводзім такія кірмашы і людзі вельмі актыўна ўдзельнічаюць. Вельмі важна, каб людзі мелі магчымасць паўдзельнічаць у якойсьці дабрачыннай акцыі. І вось гэтыя кірмашы – гэта тое, калі мы можам свае рэчы, свае яшчэ добрыя кнігі, абутак, адзенне камусьці перадаць. Ці сабраць грошы на якую-небудзь карысную справу.

Такой справай стала акцыя, якая сумесна з гарадзенскім дзіцячым хоспісам пакліканая растапіць сэрцы гарадзенцаў у перадсвяточны час.

Кажа дырэктар дзіцячага хоспіса Яна Немчыноўская:

– Гэта абмен рэчамі. Рэчамі, якія яшчэ могуць быць патрэбнымі і дзецям, і дарослым. І другі пункт праграмы – гэта „Універсітэт Залатога веку”. Паспрабуем сабраць калядныя падарункі для дзяцей, для падапечнага хоспісу. І трэцяе. Мы таксама, як грамадская дабрачынная арганізацыя, патрабуем сродкаў. Гэта не нова, аб гэтым я не чураюся гаварыць, і таму мы тут паставілі скарбонку.

Падчас „Вольнага кірмашу” наведвальнікі мелі магчымасць паўдзельнічаць у некалькіх майстар-класах: як прыбраць святочны стол, як аздобіць ялінку ды іншых.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара