У Гародні адбываецца канферэнцыя, прысвечаная знакамітым гарадзенцам



У памяшканні Генеральнага консульства Польшчы ў Гародні пачала працу папулярна-навуковая міжнародная канферэнцыя „Знакамітыя гарадзенцы на пераломе XІX i XX стагоддзяў”. Агулам канферэнцыя прысвечана лёсам асобаў вызвольнага антырасейскага паўстання 1863-64 гадоў.

Кандыдат гістарычных навук Аляксандр Радзюк дакладае на форуме пра тое, як паўстанне 1863 году ламала лёсы людзей.

– І на прыкладзе Аляксандра Біспінга хачу паказаць як дзейнічала сістэма пакарання ўдзельнікаў паўстання 1863 года. І якімі ахвярамі станавіліся нічым не павінныя людзі. Па матэрыялах Гарадзеншчыны. Непасрэдна ён знаходзіўся ў Гародні. У вырашэнні яго лёса прымалі ўдзел як гарадзенскі губернатар, так і Мураўёў, і нават міністр унутраных спраў. Механізмы былі пашыраныя, яны былі досыць распаўсюджаныя – гэта даносы.

Прафесар Беластоцкага універсітэта Ежы Мілеўскі прывез рэферат пра памяць аб паўстанцах 1863 году ў міжваенным часе. Як заўважае прафесар не ўсе паўстанцы-ветэраны былі этнічныі беларусамі і палякамі. Але яны таксама былі ўганаранаваны.

– Напрыклад, гісторыя пра Маісея Рагашэўскага, які быў удзельнікам паўстання. Пра што стала вядома напачатку 30-х гадоў, калі ён меў амаль 100 гадоў. Ён звярнуўся да ўлады і прадставіў сведчанні, што ўдзельнічаў у паўстанні, што браў удзел у розных сутычках. І хоць мінулі ўсе магчымыя тэрміны, аднак улады вырашылі надаць яму дадатак да прызнання заслуг.

На пачатку навуковага форуму выступіў генеральны консул Яраслаў Ксёнжэк, які сказаў, што тэма аб’ядноўвае нашы два народы, пра што кажа вялікая наяўнасць беларускіх гісторыкаў на гэтым форуме. Арганізатары, а гэта непрызнаны ўладамі Саюз палякаў у Беларусі і Фундацыя дапамогі палякам на Усходзе, мяркуюць, што гэта першая з адпаведнага цыклу канферэнцыя. А значыць па гэтай тэме будзе працяг. Канфэрэнцыя будзе трываць два дні.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара