У Гародні адзначылі 100-годдзе незалежнасці Польшчы



У Гародні пры Саюзе палякаў Беларусі, які не прызнаны ўладамі, прайшла імпрэза, прымеркаваная сотым угодкам польскай дзяржаўнасці.

У зале па вуліцы Будзёнага каля двух сотняў гарадзенцаў убачылі  гістарычна-мастацкую кампазіцыю з удзелам навучэнцаў трох польскіх школаў, пра гістарычны шлях польскага народа да ўласнай, нацыянальнай дзяржаўнасці.  З якімі пачуццямі сустрэлі гэты дзень, кажуць гарадзенскія прадстаўнікі польскай супольнасці:

– Пачуцці вельмі значныя, таму што гэта Дзень незалежнасці. Гэта вельмі вялікае свята для кожнага народа, а для Польшчы гэта вельмі значнае свята, таму што яна незалежнасць адваявала трэці раз.

Польскае Міністэрства замежных справаў пастанавіла напярэдадні нацыянальнага свята ста бібліятэкам польскіх супольнасцяў па-за межамі краіны перадаць падборку польскай гістарычнай літаратуры.  Сярод ста – адну падборку перадалі і беларускім сябрам Саюзу палякаў. 

Кожнаму ўдзельніку святочнай імпрэзы перад уваходам у залу святкавання навучэнцы ўручалі значкі з арлом і з чырвона-белымі стужкамі. Імпрэза была добра аздоблена не толькі гістарычным суправаджэннем пра мінулае палякаў, але і вершамі і песнямі розных часоў патрыятычнага зместу.  

[Not a valid template]

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня