У Гародні суд не задаволіў іск Вадзіма Саранчукова да дзяржаўнага ТБ



Суддзя Ленінскага суду Гародні Ксенія Стасюкевіч у выніку разгляду пазову лідара гарадзенскага БНФ Вадзіма Саранчукова да гарадзенскага тэлебачання не задаволіла яго іск аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі. Суддзя цягам дасудовага разбіральніцтва і судовага паседжання так і не адважылася выклікаць аніводнага з аўтараў фільму як сведак. Дзяржаўнае тэлебачанне прадстаўляў толькі яго юрыст. Фактычна суд дайшоў да абсурду і прызнаў, што аўтараў фільма няма. Усё разбіральніцтва такім чынам насіла фармальны характар, а рашэнне было вызначана загадзя. Адзінае, што суддзя Стасюкевіч вынесла прыватнае вызначэнне на адрас тэлебачання за тое, што яно ў час не ўведаміла належна Саранчукова перад судовым разбіральніцтвам пры перапісцы бакоў.

Вадзім Саранчукоў катэгарычна не згодзен з такім рашэннем суда і мае намер абскарджваць яго ў судзе вышэйшай інстанцыі.

***

У судзе абвешчаны чарговы перапынак. А 17.45 суддзя Ксенія Стасюкевіч абвесціць рашэнне суда Ленінскага раёну Гародні.

***

У Гародні праходзіць суд па скарзе кіраўніка Гарадзенскай абласной філіі партыі БНФ Вадзіма Саранчукова ў дачыненні да тэлерадыёкампаніі «Гродна». Падставай для скаргі стаў відэаматэрыял журналістаў пад назвай «Маршем в никуда», у якім, на думку Вадзіма Саранчукова, у дачыненні да яго асобы былі прадстаўлены непраўдзівыя звесткі, якія зневажаюць яго і прыносяць шкоду дзелавой рэпутацыі. З Гародні паведамляе наш карэспандэнт.

Суддзя Ксенія Стасюкевіч ужо правяла даследаванне доказаў па справе. Выступіў прадстаўнік грамадскасці Юры Чавусаў, які пацвердзіў, што звесткі, прадстаўленыя ў фільме «Маршем в никуда» непраўдзівыя, а таму іскавыя патрабаванні Саранчукова павінны быць задаволеныя. На рэпліку адказчыка, якога прадстаўляе Барыс Міцэвіч, давесці яму, што Саранчукоў любіць дзяржаву Беларусь, Юры Чавусаў сказаў: «Ён можа і на Канстытуцыі паклясціся». Суддзя абвясціла перапынак да 15 гадзін. Далей будзе працяг асноўнай часткі судовага пасяджэння.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, фота Ладзіка Майніча

[manual_related_posts]