У Гародні архітэктары сустракаліся з грамадскасцю



У гарадзенскай абласной навуковай бібліятэцы імя Карскага прайшла канферэнцыя на тэму праблемаў захавання архітэктурнай спадчыны гістарычнага цэнтра Гародні.

Сустрэча з грамадскасцю была зладжана з ініцыятывы сяброў Саюзу архітэктараў. Брак дыялогу архітэктараў з гарадзенцамі прызнаў Аляксандр Захарук, галоўны архітэктар інстытута „Гроднаграмадзянпраект”.

– Ад прапановаў маіх калег нешматлікія мае валасы дыбарам уставалі. Хтосьці прапаноўваў зрабіць сцяну са шкла, хтосьці з жалеза, з нержавейкі. І калі ў прэсе мы гэта вынеслі б на дыскусію, то сёння нас сюды ў залу не пусцілі б. Ёсць аб’екты, на якія грошы выдаткаваны з фонда прэзідэнта, заканчваецца год – і іх трэба засвоіць. І напэўна гэта наш недагляд, але бывае фізічна на гэта няма часу.

На канферэнцыі была магчымасць выказацца людзям з залы. Некаторыя гарадзенцы выступілі з крытыкай гэтак званых навадзелаў у цэнтры Гародні, ці наяўнасці турмы ў гістарычным цэнтры, адсутнасці Ратушы і лагічным для старога цэнтра ўсталявання помніка на плошчы, якая носіць цяпер імя Савецкай. Наракалі гарадзенцы на бязгустоўнасць уладаў у марнаванні грошаў.

– Мы гатовы на гэтых металічных дворнікаў, на гэты зямны шар – глобус, які стаіць у нас у цэнтры горада, на гэты пахабны сонечны гадзіннік у цэнтры горада, на гэта ўсё марнуюцца грошы, гэта мы не гатовы, на жаль.

На думку, як архітэктараў, якія прыйшлі на сустрэчу, так і гарадзенцаў – удзельнікаў дыялогу: каштоўнасць будынкаў гістарычнага цэнтра павінны вызначаць самі жыхары Гародні, а не сумніўныя камісіі з удзелам начальнікаў з далёкіх гарадоў. На гэтай канферэнцыі гарадзенцы прыйшлі да высновы, што архітэктары не маюць уласнай сілы прымаць многія важныя рашэнні пры планаванні праектаў, а грамадскіх арганізацыяў, якія б адстойвалі кансалідаваны інтарэс месцічаў, пакуль не створана. Магчыма стварэнне такой арганізацыі ў Гародні падняла б голас жыхароў на ровень, з якога іх пачулі б.

Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя