У Гародні і Берасці дазволілі акцыі на Дзень Волі (абнаўляецца)



Прадстаўнікі кампаніі “Гавары Праўду” атрымалі дазвол на правядзенне ў Гародні Дня Волі.

Акцыя пройдзе 25 сакавіка ў Каложскім парку з 12 да 14.30.

Распавядае кіраўнік „Гавары Праўду” па Гарадзеншчыне Зміцер Бандарчук:

– Гэта стала вынікам таго круглага стала, які быў у нас 10 сакавіка паміж прадстаўнікамі гарадской адміністрацыі і прадстаўнікамі ўсіх дэмакратычных структур Гародні. Менавіта там мы абмяркоўвалі адным з пытанняў тое, што гарадзенскія актывісты на працягу апошніх 15 год не могуць атрымаць дазволу ад гарвыканкама на правядзенне акцый. І таму на сённяшні дзень менавіта гэта з’яўляецца самым добрым і канструктыўным рашэннем таго, што мы атрымалі дазвол.

Па словах Змітра Бандарчука, акцыя пройдзе ў фармаце святочнага інфармацыйнага пікету,  на якім гарадзенцаў будуць знаёміць з там, што для жыхароў Беларусі значыць 99-годдзе абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

 ***

Гэта першая дазволеная акцыя ў Гародні за два дзесяцігоддзі, кажа кіраўнік гарадзенскай абласной арганізацыі «Гавары праўду» Дзмітры Бандарчук.

Сёння гарадзкія ўлады выклікалі Бандарчука ў выканкам і паведамілі, што заява задаволена. Акцыя пройдзе 25-га сакавіка з 12 да 14.30 у Каложскім парку каля стэлы 850-годдзя Гародні.

Паводле кіраўніка кампаніі «Гавары праўду» Андрэя Дзмітрыева, рашэнне падаць заяўку на правядзенне акцыі 25 сакавіка было прынятае пасля сустрэчы прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці з уладамі Гародні.

Сёння ўлады таксама дазволілі шэсце і мітынг на 25 Сакавіка ў Берасці. Пра гэта паведаміў старшыня Берасцейскай абласной арганізацыі партыі БНФ і адзіны заяўнік акцыі Зміцер Шыманскі.

Збор удзельнікаў прызначаны на 12.00 на скрыжаванні праспекту Машэрава і бульвару Касманаўтаў. Шэсце пройдзе праспектам Машэрава, далей пешаходнай вуліцай Савецкай, затым вуліцай Будзённага да плошчы Свабоды, дзе адбудзецца мітынг. Заканчэнне акцыі а 15.00.

У панядзелак стала вядома, што акцыю на Дзень Волі ў Віцебску мясцовыя ўлады забаранілі.