У Гародні і Магілёве абноўленыя рэкорды цяпла



Другі дзень запар у Беларусі фіксуюцца рэкорды цяпла.

14 лістапада абнавіліся максімумы на метэастанцыях Віцебскай, Магілёўскай і Гарадзенскай абласцей, у тым ліку ў двух абласных цэнтрах, сведчыць праведзены БелаПАН параўнальны аналіз аператыўных карт тэмператур і архіва Белгідрамета на пагодным рэсурсе meteoinfo.by.

У Гародні паветра прагрэлася да 12,1 градуса вышэй за нуль (было 10,7 у 2010 годзе), у Магілёве — да 12,3 (10,9 у тым жа годзе).

Самы стары пабіты рэкорд дня датуецца 1923 годам і быў адзначаны ў Горках — 11,4 градуса (цяпер — 11,5).

Цяплей за ўсё было ў Берасці — 13,4, аднак да рэкорду не хапіла больш за 3 градусы (16,6 у 2010 годзе). Максімум дня для ўсёй тэрыторыі краіны — 17,4 (14 лістапада 2010 года ў Жыткавічах).

Напярэдадні, 13 лістапада, у Беларусі быў устаноўлены новы рэкорд дня за ўвесь перыяд метэаназіранняў (16,5 градуса ў Пінску супраць 15,5 у 1996 годзе ў Берасці), у Менску перакрыты тэмпературны максімум паўвекавой даўнасці (13,2 супраць 11,1). Абнавіліся максімумы на ўсіх метэастанцыях Менскай вобласці, на большасці — Берасцейскай, Віцебскай, Гарадзенскай і Магілёўскай, амаль на палове станцый Гомельскай вобласці.

14 лістапада стала шостым днём гэтага месяца з рэкордамі цяпла. 10 лістапада перакрытыя максімумы дня на дзесяці паўночных метэастанцыях краіны: у Віцебскай, Менскай і Гарадзенскай абласцях. 4 і 9 лістапада фіксаваўся тэмпературны рэкорд дня за ўвесь перыяд метэаназіранняў. 5 лістапада адзначаныя новыя максімумы дня на дзесяці метэастанцыях Віцебскай, Менскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцей.

У кастрычніку рэкорды цяпла абнаўляліся 13 дзён (з 13-га па 16-е, а таксама з 19-га па 27-е чысло), рэкорды холаду — у ноч на 31 кастрычніка. Паводле інфармацыі Белгідрамета, такі цёплы кастрычнік адзначаны другі раз за апошнія 75 гадоў.

15 лістапада пахаладае на 2—5 градусаў.