У Гародні – кіно па правах чалавека



На шасці незалежных пляцоўках Гародні адбываецца міжнародны фестываль дакументальнага кіно па правах чалавека. Фэст мае назву WATCH DOCS BELARUS, і ў межах яго пакажуць фільмы, звязаныя з постсавецкай прасторай.

Мерапрыемства будзе адбывацца ў Гародні ўжо другі год запар. Пра яго адметнасці распавядае арганізатарка Вольга Галецка:

– У гэтым годзе шмат фільмаў, якія дакладна з гэтай прасторы. У нас будзе, напрыклад, эстонскі фільм пра выбары. Гэта таксама постсавецкая прастора. У нас будзе фільм пра катастрофу на гідраэлектрастанцыі, якая адбылася ў Расеі. Гэта вельмі актуальна і для Беларусі, бо шмат хто параўноўвае гэтую аварыю з аварыяй у Чарнобылі. Таксама ў нас будзе фільм пра музей у даўнім ГУЛАГу, які падыход дзяржавы да гэтага і што хочуць людзі, якія ў гэтым ГУЛАГу знаходзіліся.

Адзін з удзельнікаў лічыць падобныя сустрэчы вельмі знакавымі для горада:

– Я быў год таму на гэтым фестывалі. І мне здаецца, гэта вельмі цікавая ініцыятыва. Паказваюць фільмы, якія сам не знойдзеш. Яны ўздымаюць сурёзныя праблемы, як мне падаецца. Збіраюцца цікавыя людзі, пасля можна абмеркаваць тое, што мы пабачылі. Хацелася б больш такіх фестываляў.

Для паказу ў гэтым годзе задзейнічаныя такія пляцоўкі, як “Цэнтр гарадскога жыцця”, “Дом 46”, веганбар “Несцерка”, цэнтр “Трэці Сектар”. Першым фільмам, што быў паказаны гарадзенцам, быў фільм “Катастрофа” пра аварыю на Саяна-Шушанскай ГЭС у Расеі.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня