У Гародні ледзь не абакралі мясакамбінат



Злачынцы збіраліся вывезці амаль 108 кілаграмаў мясных вырабаў. Фігуранты крымінальнага здарэння на «Гарадзенскім мясакамбінаце» – два жыхары Гародні: 40-гадовы прыёмшчык-здатчык аддзела продажаў мясакамбіната і 36-гадовы кіроўца ад «Гроднааграспецаўтатранса». Каля 3 гадзін ночы 27 траўня яны збіраліся ўпотай вывезці з мясакамбіната 108 кіло гатовай прадукцыі на агульную суму больш за 650 рублёў, замаскіраваўшы яе сярод легальна загружанай па таварна-транспартных накладных мясной сыравіны. Перашкодзілі дзялкам работнікі аховы прадпрыемства, якія своечасова заўважылі спробу крадзяжу і выклікалі супрацоўнікаў міліцыі.

Адзін са злачынцаў – прыёмшчык-здатчык аддзела продажаў раней прыцягваўся да крымінальнай адказнасьці за крадзеж на тэрыторыі аднаго сельгас кааператыва на Гарадзеншчыне, а вось кіроўца раней судзімы не быў, патлумачыў belapan.by Сяргей Шаршаневіч, афіцыйны прадстаўнік следчага камітэта па Гарадзенскай вобласці.

Фота Віктара Грачова