У Гародні ліквідавалі адну з найстарэйшых грамадскіх арганізацый



Абласны суд у Гародні ліквідаваў адну з найстарэйшых беларускіх грамадскіх арганізацый — аб’яднанне маладых навукоўцаў «ВІТ». Старшыня арганізацыі падаў апеляцыю на гэтае рашэнне.

Аб’яднанне маладых навукоўцаў «ВІТ». Фота: vitngo.by

Абʼяднанне праіснавала 26 гадоў. Яго заснавалі ў 1995 годзе маладыя навукоўцы — гісторыкі, правазнаўцы, філолагі, якія імкнуліся змяніць да лепшага сістэму адукацыі і падрыхтоўкі навуковых кадраў, настаўнікаў у нашай краіне.

За час свайго існавання грамадскае абʼяднанне «ВІТ» рэалізавала значныя адукацыйныя і навуковыя праекты, у тым ліку сумесна з дзяржавай. Сярод іх, напрыклад, мерапрыемствы і публікацыі па пытаннях канстытуцыйнага права Беларусі, гісторыі Вялікага Княства Літоўскага і беларускага нацыянальнага руху, унармавання беларускай мовы. Шмат праектаў тычыліся працы з настаўнікамі ў рэгіёнах.

Сябры арганізацыі сёння — гэта эксперты ў сферы адукацыі дарослых, краязнаўства, гісторыі, права. Арганізацыя спрычыніліся да заснавання «Асацыяцыі дадатковай адукацыі і асветы», «Міжнароднай сеткі даследчыкаў ВКЛ», «Моладзевай сеткі па адукацыі ў галіне правоў чалавека».

Апошнія гады грамадскае абʼяднанне «ВІТ» працавала па такіх накірунках як грамадзянская адукацыя ў сферы гісторыі, права і правоў чалавека, ахова і прасоўванне гісторыка-культурнай спадчыны, устойлівае развіццё рэгіёнаў. Сярод праектаў можна адзначыць, напрыклад, Школу экскурсаводаў, навучанне сталых людзей у Жалудку асновам права і валанцёрства, працы па добраўпарадкаванні і рэстаўрацыі пахаванняў старых гарадзенскіх могілак, якім 220 гадоў.

novychas.online