У Гародні мужчына жорстка забіў на вуліцы ката, пачата крымінальная справа



Гарадзенскім міжраённым аддзелам Следчага камітэта распачатая крымінальная справа ў дачыненні да 36-гадовага жыхара Гародні па факце жорсткага абыходжання з жывёлай, што прывяло да яе гібелі, учыненае з хуліганскіх меркаванняў (ч. 1 арт. 339-1 КК).

Як паведаміў афіцыйны прадстаўнік УСК па Гарадзенскай вобласці Сяргей Шаршаневіч, падставай да распачынання крымінальнай справы паслужылі матэрыялы праверкі, праведзенай супрацоўнікамі органаў унутраных спраў пасля звароту грамадскага аб’яднання абароны жывёл. Арганізацыя падала відэазапіс камеры вонкавага назірання, якая зафіксавала факт жорсткага абыходжання і гібелі ката ад рук невядомага мужчыны.

Пасля стараннага вывучэння відэазапісу ў ходзе правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў супрацоўнікі міліцыі высветлілі асобу падазронага.

Следчыя высветлілі, што злачынства было ўчыненае ім 14 ліпеня каля 17 гадзін у грамадскім месцы на вул. Індурская Шаша ў Гародні. Мужчына паклікаў да сябе ката, пасля чаго стаў душыць і біць яго аб прыступкі лесвіцы. Пакінуўшы жывёлу, што не падавала прыкмет жыцця, на месцы злачынства, уцёк.

Падазроны раней судзімы, у тым ліку за хуліганства, нідзе не працуе. Злачынства здзейсніў, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення.

Следчыя працягваюць высвятляць усе абставіны здарэння, для чаго праводзяцца допыты сведак, агляды рэчыўных доказаў, іншыя следчыя і працэсуальныя дзеянні.

Як адзначаюць следчыя, улічваючы характар зробленага, плануецца правядзенне ў дачыненні да падазронага судова-псіхіятрычнай экспертызы. Расследаванне працягваецца.

belapan.by