У Гародні не дазволілі „Марш дармаедаў”



У Гародні адмовілі ў правядзенні дэманстрацыі грамадзянаў, абураных  Дэкрэтам №3. Адзін з заяўнікаў – прадстаўнік прафсаюза РЭП Васіль Корабаў – атрымаў ліст ад чыноўніцы гарадскога выканаўчага камітэта Зоі Кулешы.

Асноўная матывацыя адмовы – непрымальны маршрут дэманстрацыі. Цяпер, калі атрымана адмова, Васіль Корабаў ня бачыць сэнсу ў правядзеньні дэманстрацыі:

– Я нават не ведаю, ці будзем збірацца, каб абмеркаваць гэтую праблему. Плаціць штрафы гэтай краіне, якая і так для народа нічога не робіць, а толькі супраць, няма ніякага сэнсу. Будзем збіраць подпісы, сабралі ўжо каля 3 тысяч. Гэта толькі ў Гародні, не лічачы Слонім, Зэльву, Масты, Ваўкавыск, Ліду. Гэта ўсё пойдзе ў Адміністрацыю прэзідэнта, Савет Міністраў  і Палату прадстаўнікоў.

Нагадаем, што заяўнікі хацелі правесці дэманстрацыю супраць Дэкрэту аб дармаедстве 19-га лютага па маршруце: „плошча Леніна – Савецкая вуліца – Савецкая плошча”.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара