У Гародні – новая медыяпляцоўка



Першая сустрэча ў HrodnaMediaRoom, што адбылася ў Цэнтры гарадскога жыцця, сабрала больш за тры дзясяткі гарадзенцаў, што цікавяцца палітыкай і журналістыкай, вучэннямі «Захад2017» і станам грамадскага жыцця. Госцем сустрэчы стаў Аляксандр Фядута – журналіст і медыяэксперт.

Падчас сустрэчы Аляксандр Фядута падзяліўся сваім бачаннем пра сучасную журналістыку:

Да старой беларускай журналістыкі, да той, якую я памятаю як чытач, стаўлюся значна лепей. Пасля была хваля свабоды, якая працягнулася для мяне да 1999 года, калі я сышоў з БДГ. Пазней была выспа свабоды, якую рэдагаваў Ігар Гермянчук. Гэта часопіс «Кур’ер». Усё! Зараз я не ведаю беларускай журналістыкі. Я ведаю дзве газеты, якія я называць не буду, бо гэта будзе рэкламай. У адной я калісьці друкаваўся, у другой – друкуюся зараз. Больш я нічога не ведаю.

Адна са стваральніц медыяпляцоўкі, гарадзенская журналістка Вольга Корсун падзялілася планамі дзейнасці і сустрэчаў:

Мы сапраўды плануем ахапіць розныя бакі медыяпрасторы, і каб гэта было цікава не толькі прафесіянальным журналістам, але і больш шырокаму колу людзей. Увогуле, у нас такая звышмэта – падвысіць інфармаванасць і давер да незалежных журналістаў і тых, хто стварае медыя ў нашай краіне, стаіць на абароне свабоды слова.

HrodnaMediaRoom паўстаў дзякуючы Беларускай асацыяцыі журналістаў, Цэнтру гарадскога жыцця і інтэрнэтвыданню hrodna.life.

Наступнымі гасцямі пляцоўкі будуць Святлана Калінкіна, Ягор Марціновіч, Антон Матолька і іншыя медыяэксперты і журналісты.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня