У Гародні памерла Таццяна Маліноўская



У Гародні не стала грамадска-культурнай дзеячкі Таццяны Маліноўскай. Яна памерла ў шпіталі ў выніку каронавіруса і ўскладнення хранічных хваробаў. У горадзе і за яго межамі Таццяну Маліноўскую добра ведалі як беларускую патрыётку, таленавітага выкладчыка, стваральніцу абласной філіі „Фонду імя Льва Сапегі”.

Таццяна Маліноўская (дзявочае прозвішча Петухова) нарадзілася 14 лютага 1953 года ў Гародні. Скончыла СШ №2, пазней вучылася на гістарычна-педагагічным факультэце гарадзенскага педінстытуту. Працавала метадыстам абласнога Палацу піянераў, настаўніцай гісторыі, грамадазнаўства і беларускай літаратуры ў СШ №1, навуковым супрацоўнікам Гарадзенскага абласнога гістарычна-археалагічнага музея. Скончыла аспірантуру на кафедры гісторыі і тэорыі мастацтваў Беларускага тэатральна-мастацкага інстытуту. Была загадчыцай аддзелу інстытуту „Гроднапраектрэстаўрацыя”.

З 1990 года Таццяна Маліноўская працавала выкладчыцай кафедры беларускай культуры Гарадзенскага ўніверсітэту. Вывучала архітэктуру Гарадзеншчыны, беларускае народнае мастацтва, выяўленчае мастацтва. Была адной з стваральніц і першай старшынёй (да 1999 года) Фонду падтрымкі дэмакратычных рэформ імя Льва Сапегі. Была сябрам БНФ і дэпутатам гарадскога савету Гародні. У ліку невялікай колькасці дэмакратычных дэпутатаў шмат зрабіла для культурнага развіцця горада над Нёманам.

Таццяна Маліноўская была сапраўднай хрысціянкай, была ў групе гарадзенскай беларускамоўнай каталіцкай інтэлігенцыі. Цэлы час цікавілася грамадскім і культурным жыццём Гародні. Апошнія месяцы як звычайна выяўляла салідарнасць і неаднаразова са сваёй сціплай пенсіі ахвяравала сродкі для пацярпелых ад рэпрэсій.

Беларускае Радыё Рацыя выказвае шчырыя і глыбокія спачуванні сваякам і блізкім Таццяны Маліноўскай.

Светлая памяць…