У Гародні перасталі прадаваць квіткі ў аўтобусах



У Гародні каранціну няма, аднак уводзяцца ўсё новыя меры па абароне людзей ад каронавірусу.

Распавядае наш журналіст Сяргей Апановіч:

– У Гародні цягам апошніх чаторых дзён у грамадскім транспарце нельга набыць квіток у кіроўцы. Квіткі на праезд прадаюцца толькі ў кіёсках на прыпынках. Аб’явы пра тое, што продаж прыпынены з-за распаўсюду розных інфекцый, і ў тым ліку каронавірусу, кіроўцы абвяшчаюць ледзь не на кожным прыпынку горада.

Падобная сітуацыя з продажам квіткоў існуе таксама ў іншых гарадах Гарадзенскай вобласці. Напрыклад, у Лідзе з 15 красавіка таксама прыпынены продаж квіткоў на грамадскі транспарт. Аднак у выходныя дні квіткі будзе немагчыма набыць з-за таго, што кіёскі зачынены. Як будуць ездзіць гарадзенцы, і ці павялічыцца колькасць безбілетнікаў – не вядома.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня