У Гародні прадставілі даклад пра забойства Паўла Шарамета



У Цэнтры гарадскога жыцця прайшла сустрэча з амерыканскім журналістам Крыстаферам Мілерам, які працуе ва Украіне. Журналіст распавёў пра акалічнасці справы забойства яго калегі Паўла Шарамета. Сустрэчу арганізавала ініцыятыва HrodnaMediaRoom.

Кажа каардынатарка пляцоўкі Вольга Корсун:

– Ён правёў вельмі каласальную працу па расследванні справы забойства Паўла Шарамета, гэтага выбітнага беларускага журналіста. З моманту забойства Паўла прайшло больш года, следства не зрушылася не на крок і падвісла ў паветры, таму вельмі важна нагадваць пра гэта. Калі добра вывучыць даклад Крыстафера, то ён прыводзіць такія факты, якія добра паказваюць сітуацыю з боку, і можна зрабіць выснову ўсё ж такі чый там ёсць след.

Крыстафер Мілер правёў асабістае расследванне і цяпер распавядае пра яго вынікі:

– Асноўная мэта гэтага візіту, каб сама праца не згубілася, бо гэта вельмі важная справа. Таксама вельмі важна, каб не толькі ва Украіне гэта было на слыху, але і ў Беларусі ды Расеі. Людзі, якія былі блізкімі да Паўла, яны не хочуць, каб гэта забылася.

Апрача таго, што ў дакладзе Крыстафера Мілера прысутнічае тры версіі забойства, найбольш пытанняў узнікае менавіта па ўкраінскай версіі. Ён ужо 8 гадоў правёў ва Украіне, але яго дагэтуль здзіўляюць недагаворкі і замоўчванне фактаў па гэтай гучнай справе.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара