У Гародні прадставілі новага праваслаўнага епіскапа



У нядзелю 13 чэрвеня ў гарадзенскім Свята-Пакроўскім кафедральным саборы духавенству і вернікам быў прадстаўлены епіскап Антоній, прызначаны замест архіепіскапа Арцемія. Пра гэта паведамляе Belsat.

Епіскап Антоній раней служыў у Слуцку і Салігорску. 9 чэрвеня бягучага года рашэннем Сінода РПЦ быў прызначаны епіскапам Гарадзенскім і Ваўкавыскім. Ягоны папярэднік – архіепіскап Арцемій сышоў у адстаўку нібыта ў сувязі са станам здароўя. Арцемій праслужыў у Гародні 25 гадоў. Летась адкрыта асудзіў гвалт сілавікоў пасля прэзідэнцкіх выбараў.

Службу, у час якой прадставілі новага епіскапа, вёў мітрапаліт Менскі і Заслаўcкі Веніамін, Экзарх Беларускай Праваслаўнай Царквы. На набажэнстве прысутнічалі абласныя ўлады, памочнік Лукашэнкі па Гарадзенскай вобласці, былы міністр унутраных спраў Беларусі Юры Караеў.

Епіскап Антоній і мітрапаліт Веніамін. Фота: СП/Белсат

Мітрапаліт Веніамін у час службы казаў пра адзінства Царквы, маліўся, каб у Беларусі не было расколу і смуты.

«Галоўнае для нас цяпер – служыць Богу», – адзначыў іерарх.

«Будзе няпроста, але цікава», – падкрэсліў у вітальным слове новы гарадзенскі епіскап Антоній.

Свецкае імя епіскапа Антонія – Дзяніс Даронін. Ён нарадзіўся ў 1980 годзе ў сям’і расейцаў у Азербайджане. У 1986 годзе разам з бацькамі пераехаў у Беларусь. Вучыўся ў Дубаўлянскай сярэдняй школе, у Менску скончыў мастацкую школу імя Ахрэмчыка, прафесійна займаўся скульптурай, керамікай і акадэмічным малюнкам. Скончыў Менскую духоўную семінарыю і Менскую духоўную акадэмію. Цягам некаторага часу вучыўся ў Вышэйшым інстытуце праваслаўнага багаслоўя пры Праваслаўным цэнтры Канстанцінопальскага патрыярхату ў Швайцарыі. У 2009 годзе ў Жыровіцкім манастыры прыняў манаскі пострыг.