У Гародні прайшла дзіцячая краязнаўчая канферэнцыя



Амаль паўтысячы школьнікаў прынялі ўдзел у навуковай абласной канферэнцыі „Край Гарадзенскі”, якая прайшла ў гімназіі імя акадэміка Яўхіма Карскага ў Гародні.

Ілюстрацыйнае фота

Ужо шосты раз лепшыя навучэнцы вобласці спаборнічалі за званне лепшага прэзентуючы свае навуковыя рэфераты. У 29-ці секцыях іх ацэньвала прадстаўнічае журы з навукоўцаў і вядомых людзей Гародні. Кажа сябра журы, бард Віктар Шалкевіч:

– Дзевяць розных дакладаў паслухаў – з Астравеччыны, Ашмяншчыны, Лідскі раён, Гародня. Быў не тое што ўражаны, проста прыемна быў здзіўлены ўзроўнем, гэта сведчыць толькі пра тое, што напэўна ў нас людзі, якія займаюцца гісторыяй, іх не бракуе і не будзе бракаваць.

Многія ўдзельнікі канферэнцыі рыхтаваліся да прэзентацыі сваіх даследчых распрацовак гадамі. Шкада, што дыпломы, якія атрымалі пераможцы ў гэтай прэстыжнай канферэнцыі, ніяк не дапамогуць будучым абітурыентам у паступленні ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Хоць міністэрства адукацыі магло б даць такі „бонус” ім на будучыню.

У канферэнцыі прымалі ўдзел пераважна школьнікі старэйшых класаў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня