У Гародні прайшоў фэст фаст-фуду



Вялікі фэст вулічнай ежы ўпершыню адбыўся ў Гародні на пляцоўцы стадыёна “Нёман”. Пляцоўка была застаўлена рознымі шапікамі, дзе можна было паспрабаваць розны фастфуд: ад бульбы фры да марозіва, ад шаурмы да кашаў з грыбамі.

Пра адметнасць фэсту кажа адзін з яго арганізатараў Ягор Рытвінскі:

Пробны фестываль вырашылі зрабіць сёлета ў Гародні. Прывезлі сюды не вельмі вялікі фуд-корт. Большая частка, канешне, менскіх прыехала, але ёсць і гарадзенскія, якія, на наш погляд, былі самымі цікавымі пляцоўкамі. Нам удалося пераканаць іх, што фестываль вулічнай ежы ў Гародні можа быць добрай ідэяй. Фуд-корт вельмі разнастайны, у нас тут прадстаўлены асноўныя кухні свету.

Апроч ежы, на пляцоўцы таксама можна было паспрабаваць і піва, якое прывезла прыватная піваварня «Піўны банк». Распавядае яе дырэктар Сяргей Грак:

– Мы тут ўжо як партнёры, мы на ўсіх фестывалях разам з ежай. Для Гародні мы прывезлі розныя гатункі піва. Наша піваварня дзейнічае з 2007 года. У нас не такія вялікія аб’ёмы, 35-40 тон у месяц, у прынцыпе, мы можам рабіць.

Вялікай зацікаўленасцю сярод дзетак, якія прыйшлі на фэст, карысталіся лялькі, што прадставіла знакамітая беларуская фірма лялек “Палессе”.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня