У Гародні праходзіць канферэнцыя „Птушкі штодня – 2018”



У Гародні праходзіць 25-я штогадовая канферэнцыя Грамадскага аб’яднання „Ахова птушак Бацкаўшчыны”. Назва сёлетняга форуму „Птушкі штодня – 2018”.

Апрача беларускіх арнітолагаў на канферэнцыю прыехалі госці з Літвы і Польшчы. Такая канферэнцыя стала нагодай паразмаўляць пра птушак, іх жыццё і міграцыю ў Беларусі і памежных рэгіёнах.

Кажа біёлаг Зміцер Вінчэўскі:

– Я спадзяюся, што будзе цікава не толькі ўдзельнікам, але і ўсім іншым гасцям, якія могуць падтрымаць кантакты, пазнаёміцца паміж сабой, таму што, на жаль, мы не ўсе адзін аднаго ведаем, але, спадзяюся, што сёння атрымаецца гэта зрабіць – пазнаёміцца, паразмаўляць пра нашыя справы і пра птушак нашых, якіх мы ўсе чакаем, ну і каб зімовыя таксама не адляталі далёка.

Перад пачаткам канферэнцыі была адкрыта персанальная выстава Мікалая Гулінскага „Птушкі вакол нас”. Арнітолаг і фатограф пазнаёміў прысутных з трымя дзясяткамі сваіх фотаздымкаў – партрэтаў птушак, якія гняздуюцца і жывуць на Гарадзеншчыне.

– Пачаў займацца, калі ўжо на пенсію выйшаў. А што тычыцца выставы, яе назва “Птушкі вакол нас”. Мне хацелася сваімі здымкамі паказаць, што вакол нас многа цікавых птушак. Часам мы праходзім міма, не бачым іх. Але калі ўглядацца, то шмат цікавага можна пабачыць. Вось, напрыклад, 10 здымкаў – гэта Гародня і ваколіцы. Вельмі цікава за птушкамі назіраць.

У праграме канферэнцыі выступы пра назіранні за птушкамі і іх кальцаванні. Стала вядома таксама пра новыя віды птушак, якія зафіксаваныя ў Беларусі. На жаль, заўважаюць арнітолагі, некаторыя віды наадварот знікаюць з беларускай фаўны. У другі дзень канферэнцыі мае прайсці палявая экскурсія для ўдзельнікаў у заказнік „Гарадзенская Свіслач”.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара