У Гародні працягваюцца праваабарончыя мерапрыемствы



У Гародні праходзяць мерапрыемствы, прысвечаныя правам чалавека ў Беларусі. Іх арганізуе Праваабарончы цэнтар „Вясна”.

У памяшканні „Цэтра гарадскога жыцця” гарадзенцы маглі паглядзець дакументальны фільм Яна Арцюса-Бэртрана “Human”, а па завяршэнні прагляду падзяліліся сваімі думкамі. Кажа адзін з гледачоў:

– Дыскусія вакол правоў чалавека: што гэта ўвогуле такое? Адным з ключавых момантаў дыскусіі пра правы чалавека з’яўляецца разуменне вызначэння, што такое чалавек. Пасля чаго мы можам ужо пачынаць гаварыць пра тое, якія правы ёсць у гэтага чалавека. Якраз гэты фільм дазваляе зразумець, што ўсе людзі, незалежна ад таго дзе яны народжаныя, якога яны паходжання – яны людзі перадусім. Ім неабходна абарона з боку дзяржавы.

Сам фільм і ідэю яго паказу гарадзенцам ажыццявіла валанцёрская служба цэнтру „Вясна”. Чаму сусветна вядомы фільм стаў часткаю праграмы імпрэзы, кажа валанцёрка Анісія Казьлюк:

– Распавядае розныя гісторыі людзей з розных кантынентаў. Часам адна і тая ж сітуацыя падаецца з розных бакоў цалкам супрацьлеглых. Гэта дае магчымасць убачыць розныя кропкі гледжання, розныя стаўленні і абмеркаваць гэта. Калі я паглядзела гэты фільм, у мяне ўзніклі пытанні наконт таго, наколькі аднолькава прымяняльныя правы чалавека ў розных рэгіёнах. Улічваючы культуру, звычкі, звычаі розных людзей і розных народнасцяў. І наколькі можна і трэба навязваць ім шаблоннае разуменне правоў чалавека.

Ужо 28-га чэрвеня гарадзенцам будзе прадстаўлена магчымасць паўдзельнічаць у экскурсіі па выставе, арганізаванай Праваабарончым цэнтрам „Вясна”. Выстава: „Кожны мае права ведаць свае правы” ўжо трэці дзень знаходзіцца ў Цэнтры гарадскога жыцця”. Наведаць падзею можна а 18-00 гадзіне. Уваход вольны.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара